ВЯРХО́ЎНЫ ТА́ЙНЫ САВЕ́Т,

вышэйшая дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1726—30. Створаны паводле ўказа імператрыцы Кацярыны I. Уваходзілі А.Д.Меншыкаў, Ф.М.Апраксін, Г.І.Галоўкін, А.І.Астэрман, Дз.М.Галіцын, П.А.Талстой, К.Ф.Галштынскі, А.Г. і В.А.Далгарукавы (з 1728), М.М.Галіцын і В.У.Далгарукаў (з 1730). Фармальна быў дарадчым органам пры манарху, фактычна вырашаў усе важнейшыя справы ўнутр. і знешняй палітыкі. Савету падпарадкоўваліся Сенат, калегіі, Сінод і інш. Спачатку працягваў палітыку Пятра І, потым адышоў ад яе (скасаванне пад націскам знаці пятроўскага адм. апарату, перанясенне сталіцы ў Маскву). Пасля запрашэння на рас. прастол Ганны Іванаўны члены Вярхоўнага тайнага савета спрабавалі абмежаваць яе ўладу, і яна вымушана была падпісаць адпаведныя ўмовы («кандыцыі»). Але палітыка членаў Савета не атрымала падтрымкі шырокіх слаёў дваранства. Ганна Іванаўна разарвала «кандыцыі». Вярхоўны тайны савет быў скасаваны.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)